Ампліпульстэрапія - метад электралекавання, пры якім на хворага ўздзейнічаюць зменнымі сінусоіднымі мадуляванымі токамі малой сілы. Яны спалучаюць у сабе вартасці токаў высокай і нізкай частасці
Для ампліпульстэрапіі ўжываюцца зменныя сінусоідныя токі частасцю 2000-10000 Гц, мадуляваныя сінусоіднымі ваганнямі нізкай частасці (у межах 10 - 150 Гц). У адрозненне ад токаў нізкай частасці, якія дзейсняць выразнае ўзбуджальнае дзеянне на нервова-цяглічную і судзінную сістэмы, ток высокай частасці не сустракае вялікага супраціву з боку скуры, глыбока пранікае ў тканіны, не выклікае прыкметнага раздражнення скурных рэцэптараў. Ён добра пераносіцца хворымі, творыць узбуджальнае дзеянне на глыбока змешчаныя тканіны. У выніку ўзмоцненага адцёку прадуктаў памену з паталагічнага агменю памяншаецца азызласць - адзін з чыннікаў, што выклікаюць боль. Спыненне болю спрыяе памяншэнню спазму крывяносных судзінаў, яны пашыраюцца, паляпшаецца жыўленне тканінаў.
Дзейнічаючы сінхронна з нармалёвымі ўласнымі ваганнямі біятокаў арганізма, якія ўзнікаюць у працэсе дзейнасці галаўнога мозгу, нерваў і цягліцаў (ад 10 да 150 Гц) і узмацняючы іх дзеянне сінусоіднымі мадуляванымі токамі, мы тым самым аднаўляем нармалёвую функцыю тканіны і воргана. Для памяншэння з'яваў адаптацыі, пашырэння дыяпазону тканінаў, што ўключаецца ў працэс узрушанасці, і павышэння эфектыўнасці лекавання звяртаюцца да чаргавання дзвюх разнастайных мадуляваных частасцяў. Пры гэтым адна з іх застаецца нязменнай - 150 Гц, а другая рэгулюецца ў межах 10-150 Гц з паасобным рэгуляваннем іх працягласці ў межах 1-5 секундаў. Ужываецца таксама чаргаванне мадуляваных ваганняў з паўзамі, а таксама мадуляваных і немадуляваных ваганняў. Выразны болепатольны эфект, паляпшэнне функцыянальнага стану цэнтральных і перыферычных абсягаў нервовай сістэмы, паляпшэнне перыферычнага крывязвароту і трофікі тканінаў пры адсутнасці раздражнення пад электродамі вызначаюць асноўныя паказанні да ўжывання сінусоідных мадуляваных токаў. Іх прызначаюць пры захворваннях, якія суправаджаюцца парушэннем перыферычнага крывязвароту, функцыянальнага стану нервова-цяглічнага апарата, трофікі тканінаў, хранічнымі запаленчымі працэсамі (радыкуліты рознага паходжання і плыні, у тым ліку з выразнымі вегетатыўна-сасудзістымі парушэннямі, неўралгіі, неўрыты, плексіты, наступствы траўмаў апарату апоры й руху, парушэнні трофікі тканінаў, у тым ліку пралежні пры паразах хрыбетнічнага мозгу, падвострыя і хранічныя гінекалагічныя захворванні). Здольнасць токаў аказваць рухальнае ўзбуджэнне дазваляе ўжываць іх для электрастымуляцыі папярочна-паласатых цягліцаў, у тым ліку для стымуляцыі дыхання, функцыі страўнікава-кішачнага тракту, перыстальтыкі бруляцечнікаў і іншае. У сувязі з адсутнасцю раздражнення і непрыемных адчуванняў гэты метад шырока ўжываецца для дзетак.
Паказанні да ўжывання ампліпульстэрапіі: траўмы і захворванні перыферычнай нервовай сістэмы з рэфлекторна-танічным і болевым сіндромамі; захворванні вегетатыўнага абсягу нервовай сістэмы з нейратрафічнымі і судзіннымі разладамі; захворванні нервовай сістэмы з рухальнымі парушэннямі ў выглядзе цэнтральных, перыферычных і змешаных парэзаў і паралюшаў; гіпертанічная хвароба I -II ст.; ІХС; атэрасклератычная аблітэрацыя судзінаў канцавінаў; хранічны лімфастаз; захворванні ворганаў стрававання (хранічны гастрыт з сакраторнай недастатковасцю, верад страўніку і дванаццаціпалай кішкі ў фазе абвастрэння і няпоўнай рэмісіі, рэфлюксэзафагіт, гіпатанічныя і гіпакінетычныя разлады жоўцевыводных шляхоў і жаўцяку пры адсутнасці камянёў і іншае); парушэнне тлушчавага памену экзагенна-канстытуцыйнага характару; цукровы дыябет; захворванні ворганаў дыхання (зацяжныя абвастрэнні хранічнай пнеўманіі, хранічны бранхіт і бронхаэктаз па-за стадыяй абвастрэння, бранхіяльная астма лёгкай і сярэднецяжкай ступені); рэўматоідны артрыт з мінімальнай і сярэдняй ступенню актыўнасці працэсу, артрозы, перыартрыты; хранічныя запаленчыя захворванні ворганаў жаночай плоцевай сферы; імпатэнцыя мужчынаў функцыянальнага характару; хранічныя прастатыты, цысталгія, начное нетрыманне брулёў у дзетак, брулекаменная хвароба (з мэтай выгнання камянёў бруляцечніку); запаленчыя і дыстрафічныя захворванні пярэдняй і задняй зоны вачэй. Улічваючы здольнасць сінусоідных мадуляваных токаў глыбока пранікаць у тканіны, не выклікаючы пры гэтым непрыемных адчуванняў і апёкаў, ампліпульстэрапіі аддаюць перавагу (перад дыядынаматэрапіяй) у педыятрычнай практыцы, пры уздзеяннях на глейкаватыя абалонкі.