ООО «КЛЭР» + 375 17 510-63-11 , + 375 17 510-63-23

Контакты

Дыядынаматэрапія

Дыядынаматэрапія - лекаванне сталымі токамі з імпульсамі паўсінусоіднай формы частасцю 50 і 100 Гц. Выкарыстоўваюцца ў асноўным два тыпы дыядынамічных токаў: аднафазны бесперапынны і двухфазны бесперапынны, а таксама розныя мадуляцыі і камбінацыі гэтых токаў, а менавіта, перарывісты рытмічны ток, мадуляваны кароткімі альбо доўгімі перыядамі і г. д. Гэтыя токі, з'яўляючыся сталымі, сустракаюць вялікі супраціў эпідэрмісу і, перш за ўсё, выклікаюць узбуджэнне экстэрарэцэптараў, што выяўляецца адчуваннем палення і паколвання пад электродамі, а таксама з'яўленнем гіперэміі з прычыны пашырэння паверхневых судзінаў і паскарэння крывацёку па іх. Пры павелічэнні сілы току выклікаецца рытмічнае ўзбуджэнне нерваў і цягліцавых валокнаў. Гэта прыводзіць да актывацыі перыферычнага крывязвароту, памену рэчываў, змяншэння болі ў зоне ўздзеяння, што выкарыстоўваецца галоўным чынам пры захворваннях перыферычнай нервовай сістэмы, ворганаў апоры й руху. Пры яшчэ большым павелічэнні сілы току выклікаецца тэтанічнае скарачэнне цягліцаў.

Асноўныя асаблівасці дзеяння ў арганізме дыядынамічных токаў палягаюць у блакаванні адчувальных нервовых канчаткаў і падвышэнні ў сувязі з гэтым граніцы болевай адчувальнасці, якая даходзіць амаль да поўнай анэстэзіі, а таксама стымуляцыі трафічных працэсаў, тканкавага памену і рассмоктвання перынеўральных ацёкаў. Дыядынамічныя токі нармалізуюць коркавую нейрадынаміку, дзейнічаючы рэфлекторна на перыферычны абсяг болевага аналізатару, важкае значэнне пры гэтым мае разрыў рэфлекцыйнай лукі заганнага кругу паталагічнай імпульсацыі. З прычыны раздражнення вегетатыўных утварэнняў пашыраюцца перыферычныя судзіны, паляпшаецца трофіка і крывязабеспячэнне тканінаў, змяняецца іённая канцэнтрацыя і пранікальнасць мембранаў. Усё гэта спрыяе знікненню ацёкаў і нармалізацыі парушаных функцыяў.

Паказанні да ўжывання дыядынаматэрапіі вельмі шматлікія. Да іх адносяць: вострыя болевыя сіндромы пры паразе перыферычнага абсягу нервовай сістэмы (неўралагічныя праявы астэахандрозу хрыбетніцы, неўралгіі, мона- і полінэйрапатыі, гангліяніты, плексіты); захворванні і пашкоджанні апарату апоры й руху (міязіты, перыартрыты, эпікандзіліты, артрозы, цяжкая рухомасць ў суставах пасля траўмаў і аператыўных умяшанняў ды іншае); захворванні ворганаў стрававання (гастрыты, верад страўніку і дванаццаціпалай кішкі, каліты, дыскінезія жоўцевых шляхоў, панкрэатыт, дэмпінг-сіндром) і дыхання (зацяжная пнеўманія, бранхіяльная астма); хранічныя запаленчыя захворванні прывескаў маціцы, альгідысменарэя; затрымка і нетрыманне брулёў, энурэз; імпатэнцыя; прастатыт; пачатковыя стадыі гіпертанічнай хваробы і аблітэрацыйныя захворванні судзінаў канцавінаў; мігрэнь; ацёк Квінке; захворванні ЛОР-органаў (ларынгіты, атыты, сінусіты, рыніты, парэз голасавых звязкаў); артрыт скронева-ніжнесківічнага суставу, парадантоз; свярбячыя дэрматозы, келоідныя рубцы і інш.

 

© 1994 - 2024
Site development - dizart.by