Фізіятэрапія - частка медыцыны, што вывучае фізіялагічнае і лекавальнае дзеянне прыродных і штучна створаных фізічных фактараў, і што распрацоўвае метады выкарыстання іх з прафілактычнымі і лекарскімі мэтамі; сукупнасць фізічных метадаў лекавання і іх практычнае ужыванне.
У фізіятэрапіі вылучаюць электралекаванне, святлолекаванне, водалекаванне, цеплавое лекаванне, лекаванне з ужываннем механічных уздзеянняў. Самастойным раздзелам фізіятэрапіі з'яўляецца курорталогія. Кожны з іх змяшчае шэраг лекарскіх метадаў, заснаваных на выкарыстанні таго ці іншага фізічнага фактару.
Найбольшую колькасць метадаў аб'ядноўвае электралекаванне (метады з выкарыстаннем электрычнага поля, сталага, зменнага, бесперапыннага і перарывістага электратокаў, зменнага магнітнага поля, электрамагнітных палёў):
- ампліпульстэрапія;
- дыядынаматэрапія;
- гальванізацыя;
- лекавы электрафарэз;
- электрастымуляцыя;
- флюктуарызацыя;
- інтэрферэнцтэрапія ды іншыя.
Святлолекаванне ўтрымлівае ў сабе метады, якія выкарыстоўваюць энергію светлавога, у тым ліку ультрафіялетавага і інфрачырвонага, выпраменьвання. Метады водабальнэалекавання заснаваныя на ўжыванні прэснай вады (у выглядзе душаў, ваннаў і іншых водных працэдураў), а таксама прыродных і штучна прыгатаваных мінеральных водаў. Цеплавое лекаванне змяшчае метады, заснаваныя на выкарыстанні цяпла, перадаецца арганізму нагрэтым парафінам, азакерытам, лекарскімі гразямі, пяском, парай, сухім паветрам і інш. Лекаванне механічнымі ўздзеяннямі змяшчае ультрагукавую тэрапію, вібратэрапію, масаж, мануальную тэрапію.
Паказанні для ўжывання фізіятэрапіі грунтуюцца на тым, што фізіятэрапеўтычныя працэдуры паляпшаюць перыферычны, рэгіянальны і цэнтральны кровазварот, дзейсняць болесуцішальнае дзеянне, паляпшаюць трофіку тканінаў, нармалізуюць нейрагумаральную рэгуляцыю і парушаныя імунныя працэсы. Фізіятэрапія звычайна проціпаказаная пры ліхаманкавых станах, абвастрэнні запаленчых працэсаў, знясілення арганізма, інфекцыйных хваробах ў вострай стадыі, актыўным сухотным працэсе, злаякасных наватворах і падазрэнні на іх наяўнасць, сістэмных захворваннях крыві, схільнасці да крывацёкаў і крывацечнасці, сардэчна-судзінных захворваннях з недастатковасцю крывязвароту вышэйшага за II стадыю, анеўрызме аорты і буйных судзінаў, захворваннях Ц.Н.С. з рэзкай узрушанасцю. Лекавальнае і прафілактычнае выкарыстанне фізічных фактараў ажыццяўляецца ў фізіятэрапеўтычных пакоях і аддзяленнях лякярняў, паліклінік і іншых лекавальна-прафілактычных установаў, а пры неабходнасці ў палатах лякарні ці ў доме.